︎     ︎     ︎






Персанальная выстава | BY


Сяргей Кірушчанка:

Выхоўваць новыя густы




Куратарка: Анна Лакціёнава
Тэкст: Аляксей Талстоў
Фатографка: Аляксандра Канончанка
Мантаж: Миша Машук
Музыка: Fera Ledyaeva


29.11.2017 — 01.01.2018





Вядомы мастак, адзін з заснавальнікаў сапраўднага музею сучаснага мастацтва Беларусі і адзін з ініцыятараў калектыўнага архіўнага праекту Збор – відавочна, што Сяргей Кірушчанка ня той аўтар, які праяўляе сябе выключна ў майстэрні. Ягоныя крытычныя выказваньні што да сітуацыі ў сучасным мастацтве шырока вядомыя ў мастацкай супольнасьці.

Для тых, хто знаёмы з творчасьцю мастака збольшага праз апошнія праекты зьвязаныя з візуальнай структурай рашоткі, гэтая выстава можа падацца нечаканай.

Аўтар не адмаўляе некаторай лагічнай непасьлядоўнасьці ў сваім творчым шляху, зьвяртаючы ўвагу на важную для мастака магчымасьць часам “адыйсьці ў бок, заняцца нечым іншым”. Паводле Сяргея, сучасны мастак абавязаны ўвесь час мяняць ня толькі медыя, зь якім ён працуе, але і метад і “вугал пагляду, пад якім ён глядзіць на свет”.


Штуршком для стварэньня гэтага праекту сталася з аднаго боку прастора былой сталовай, а з іншага – савецкая кніга “Кулинария”, выдадзеная ў 1955 годзе, найбольш рэспектабельная з кніг той серыі, якія выдаваліся пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны у СССР. Кніга, якая ў той час мела абсалютна сакральнае значэньне для савецкіх хатніх гаспадыняў, была таксама недасяжным ідэалам у рэальным, даволі бедным і вельмі аднастайным, а часам нават страшным і трагічным жыцьці.
 
Выстава названая паводле аднаго з артыкулаў, аўтар якога ўсяляк заахвочвае працаўнікоў харчовай індустрыі выхоўваць у савецкіх грамадзянаў новыя густы. Пафасна-натхнёны тон тэксту дзіўным чынам інтэрпрэтуецца ў праекце.

 
Былая савецкая сталовая, дзе наведнік атрымліваў магчымасць пабачыць цудоўныя стравы з кнігі, ператвораная цяпер у прастору для культурных мерапрыемстваў. Экспазіцыя, якая відавочна мае ў аснове схему царкоўнага інтэр’еру, сама аб’ёмістая кухарская кніга, якая мае сакральны сэнс, аўтар, які ўвесь час падкрэсьлівае неабходнасьць пераменаў, палотны, якія нясуць адценьне трагедыі – усё гэта складалаецца ў адну вялікую алегорыю.




На аснове артыкула і сьпецыфічнай пляцоўкі Кірушчанка стварае моцнае выказваньне на тэму сёньняшняй сітуацыі ў культуры. Ён адштурхоўваецца ад савецкай традыцыі, ад яе вобразаў і пры іх дапамозе гаворыць пра вычварна-дэкаратыўную беларускую надзённасьць.
Цытаваньне ранейшых тэкстаў і ўжываньне адмысловай мовы – частка перфарматыўнасьці савецкай сістэмы, даследаваная гісторыкам Аляксеем Юрчаком у ягонай працы “Гэта было назаўжды, пакуль ня скончылася”. Такая перфарматыўнасьць можа быць заўважаная і ў тым падыходзе, які абірае мастак Кірушчанка.
 


Ён трансфармуе вонкавы сарказм у поўную вусьцішу перспектыву рэлігійнага культа, у якім закасьнелая сістэма, заснаваная на густаўшчыне і захраслай у мінулым культурнай мадэлі, выяўленая сьляпым служэньнем пустому канону. “Кулинария” набывае рысы Пісаньня і зьмяшчаецца на аналоі, да якога вядзе ўрачыстая чырвоная дарожка. Паабапал яе нацюрморты, якія ўтрымліваюць у сябе прыкметы іканічнасьці, адсылаюць да пэўнай сакральнасьці выяваў.
Кірушчанка зьвяртае ўвагу на наўмысна выкарыстаны тут “слой прафаннасьці”, спасылку – паводле аўтара – на “рэальнасьць, якая мае мала дачыненьня да духоўнасьці і метафізікі”. Мастак падкрэсьлівае гэтую вонкавасьць, перфарматыўнасьць, зь якой афіцыйнае поле сьледуе кніжным запаветам колішніх артыкулаў. Увесь праект пастулюе праблему новага, як такога, праблему выхаваньня, як такога, у абставінах жорсткага кантролю і недастатковасьці адукацыі і ведаў.



Асноўны візуальны кампанент выставы – сэрыя з 14 невялікіх (75х120) нацюрмортаў, замацаваных на сталах, і трыптыха памерам 3х4.5 метра, які знаходзіцца ў глыбіні залі, створаная на аснове ілюстрацый кнігі. Выкананыя ў ружовых, чырвоных і чорных танах, працы перарастаюць службовую кулінарную канкрэтыку і робяцца самастойнымі мастацкімі выказваньнямі.

Элементы стылістыкі “жывапісу колернага поля” – ружовы – знаходзяцца ў кантрастным ўзаемадачыненьні з экспрэсіўна напісанымі фрагментамі, заснаванымі на фотавыявах. Ружовыя палі набываюць значэнне бясконцай рашоткі, у якую мантуюцца выявы тушаў, мяса, рыбы і іншга, якія нібыта выломваюцца з яе. То бок сьвет структуруецца больш складаным парадкам.


Кірушчанка паказвае плоць ненатуралістычна, аднак ад гэтага працы не губляюць сваёй крывавай брутальнасці. Зьмешчаныя ў экспазіцыі ў строгім парадку, яны ўтвараюць своеасаблівую галерэю гвалту і сьмерці. Месцамі на карцінах можна заўважыць нож і рукі мясьніка, якія сам аўтар параўноўвае з рукамі бога, што безумоўна дадае яшчэ адзін сэнсавы слой да агульнага выказваньня.
Для праваслаўных зямное жыццё – прытулак пакутаў, таму сімвалічна і тое, што выстава адкрываецца напачатку Каляднага поста. Гэта нараджае яшчэ адну супярэчнасьць, узмацняе выказваньне, зьмяшчае сайтсьпецыфічны праект у сьпецыфічныя абставіны царкоўнага календара.


Такая праца з канкрэтнымі ўмовамі і матэрыяламі, іх пераасэнсаваньнем, дазваляе задумацца над магчымасьцямі інтэрпрэтацыі і выбудоўваньнем тых ці іншых сэнсавых канструкцый у прынцыпе. Сяргей Кірушчанка атакуе сістэму наўмысна сьпекулятыўнай рыторыкай, перанятай у яе ж самой, і вельмі дасканала адлюстроўвае гэта ў сваёй выставе.
“Выхоўваць новыя густы” – гэта, безумоўна, маніфест, разгорнуты крытычны каментар мастака да надзённай сітуацыі ў сучасным мастацтве Беларусі. У праекце добра чытаецца крытыка, адрэсаваная усяму апарату афіцыйнай культуры, працаўнікі якога кіруюцца выключна ўласнымі густамі, але ня ведамі, логікай і адказнасцю перад культурай.



Густ – жыцьцёвы панятак, які ня можа быць прыменены да асэнсаваньня культурных працэсаў. Сыходзячы з гэтага, лагічным падаецца той факт, што дзяржаўнае рэгуляваньне ўсяляк спрабуе прытрымаць узровень сацыяльнай ангажаванасьці сучаснага мастацтва на бясьпечнай адмеціне, пад кантролем профільных інстытуцый з умоўна кваліфікаванымі кадрамі, маючы магчымасьць не тлумачыць гэта пры дапамозе нейкай тэарэтычнай базы.
Разам з апісанай вышэй крытыкай гэтая выстава, вядома, уздымае і больш агульную тэму. Аўтар гаворыць і пра нешта большае, пра чалавечнасьць, якая не магчымая ў межах прафаннага крывавага культа, а таксама пра шчырасьць і пасьлядоўнасьць, на якую сёньня здольныя ня многія.
                                   
                               
Аляксей Талстоў


Сяргей Кірушчанка – знакавая постаць у полі айчыннага сучаснага мастацтва, актыўна працуе ў гэтым рэчышчы з 1988 года. У 1988-2002 сябра групы «Няміга-17», удзельнік шматлікіх выставаў у Беларусі і за мяжой. Аўтар персанальных праектаў «Метабалізм жывапіснай прасторы» (2012, галерэя «Палац Мастацтва»), «Надыйшоў час грунтоўна заняцца прыземленым мастацтвам» (2009, галерэя сучаснага мастацтва Ў) і іншых. Кірушчанка – адзін з заснавальнікаў сапраўднага музею сучаснага мастацтва Беларусі і адзін з ініцыятараў калектыўнага архіўнага праекту Збор. Пры яго дапамозе былі створаныя партал аб сучасным мастацтве Беларусі ArtAktivist.org і дасьледчая платформа Kalektar.org. Крытычныя выказваньні мастака што да сітуацыі ў сучасным мастацтве шырока вядомыя ў мастацкай супольнасьці.

   

Відэа- архіў:





Відэа-рэпартаж на Белсат

Відэа-рэпартаж 24 Беларусь
              
Mark