︎     ︎     ︎






Фестываль  | BY



Андрэй Лянкевіч:

Месяц Фатаграфіі ў Мінску. 2017


︎ Сайт фестываля


06.09 — 06.10.2017


У верасні 2017 года чацвёрты раз у Беларусі  прайшоў  МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – міжнародны фестываль, пакліканы пашыраць разуменне фатаграфічнага медыуму, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце. МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2017 прапаноўвае 16 выставаў на 10 пляцоўках у 4 гарадах Беларусі, 11 майстар-класаў, лекцыяў і прэзентацыяў з удзелам замежных і беларускіх спікераў.

Мінулаю восенню МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ ўпершыню быў заяўлены як тэматычны. На 5 выставах асноўнай праграмы, якая займала прастору ангару сталічнага ЦЭХу, аўтары і фотакалектывы з розных перспектываў разглядалі апазіцыю «цэнтр/перыферыя». І калі ў 2016-м, прапанаваўшы такую, на першы погляд, геаграфічную праблему, мы хацелі падкрэсліць шырыню і дынаміку фатаграфіі, то тэма фестывалю-2017 адлюстроўвае супрацьлеглы кірунак.


Сітуацыя ў культурным і арт-асяродку Беларусі ды свету падштурхнула нас абраць у якасці канцэптуальнага пункту адліку тэму «калектывізацыі». Разам з гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю мы хочам прапанаваць вывучыць самыя розныя значэнні, якія могуць асацыявацца з гэтым паняткам і, магчыма, адысці ад тых, што звязваюць яго з гісторыяй Савецкага Саюзу. «Паглыбленне» сёлета адбудзецца і на ўзроўні краіны: выставы і імпрэзы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пройдуць не толькі, традыцыйна, у Мінску і Гродне, але і ў Брэсце, Паставах і Каптарунах – арт-вёсцы, арганізаванай пісьменнікам Артурам Клінавым і тэатральным крытыкам ды рэдактаркай часопісу «pARTisan» Таняй Арцімовіч на беларуска-літоўскай мяжы.




Асноўная экспазіцыя МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2017 стартуе 6 верасня на пляцоўцы новай прасторы «Сталоўка XYZ» і будзе ўлучаць 6 выставаў, кожная з якіх па-свойму падыходзіць да семантычнага поля «калектыўнага». Мы ўпэўненыя, што кола інтэрпрэтацыяў «калектывізацыі» значна пашыраецца і выходзіць за межы феномену першых дзесяцігоддзяў існавання СССР, які апісвае аб’яднанне аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы, калі мы звяртаемся да ўтваральнага слова – лацінскага collectivus (‘зборны’) – і разглядаем яго з пазіцыяў сённяшніх рэаліяў.



Архіўнай фатаграфіі, якая зважае на метафізічныя аспекты калектыўнасці як пераемнасці роду, у межах цэнтральнай экспазіцыі фестывалю прысвечаныя дзве выставы: «Што не памірае, не жыве» з дакументальнымі здымкамі Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса пахавальных рытуалаў і «Найлепшы бок» маладога сацыякультурнага праекту «Веха» – беларускай ініцыятывы, што дапамагае аднаўляць, правільна захоўваць і збіраць сямейныя архівы.





«IS(not)» – гісторыі пра Ісландыю, «старажытны кантынент, населены эльфамі і апанентамі ЕЗ», ад польска-беларускага калектыву «Sputnik Photos» – дэманструе патэнцыял групавой працы ў галіне фатаграфіі, якая дазваляе, пераадольваючы стэрэатыпы, «калектыўна» падысці нават да вывучэння тэмы, культурна далёкай аўтарам.



«Выклік дахаты» – вынік кааперацыі яшчэ аднаго калектыву, «Галерэя Indie», эксперымент, падчас якога, абмяняўшыся ключамі ад кватэраў, 12 ізраільскіх фатографаў знялі ў кожнай з іх праект, які адлюстраваў аўтарскае разуменне слова «прыстанак», тым самым падымаючы пытанні схаванага і асабістага, калектыўнага і прыватнага, бачнага іншым і нябачнага нам.



Выстава «Жаночы эмансіпацыйны праект: паміж утопіяй і рэальнасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)» даследуе, як сёння суіснуюць новае (нацыянальнае) у старым і (не-)зробленае, тое старое, што не атрымала прызнання – у новым. Як суіснуюць гістарычныя калектыўныя наратывы і асабістыя, больш схаваныя наратывы жанчын-актывістак. Выстава прэзентавана «Гендарным Маршрутам», куратарка Iрына Саламацiна. Будуць паказаныя партрэты ўкраінскіх жанчын-вайсковак і жанчын, якія ваююць, творы Жанны Капуснікавай і фільмы «Маляваны рай» пра беларускую мастачку-прымітывістку Алёну Кіш (аўтарка сцэнара і рэжысёрка – Галіна Адамовіч) ды «Палута Бадунова: згадаць і не забыць» (рэжысёр – Валерый Мазынскі).




Беларуская фатаграфія будзе рэпрэзентаваная праектам Вольгі Бубіч «Больш, чым Я» (куратары Артур Бондар і Аксана Юшко) пра феномен «чарнобыльскіх дзяцей», якія ў межах гуманітарных праграмаў выязджаюць з 1991 года на аздараўленне ў Еўропу і Паўночную Амерыку. Адно з крытычных пытанняў выставы – супрацьпастаўленне «асабістага» і «калектыўнага», звязанага як з бюракратычнай сістэмай, гэтак і з вялікшым, глабальным светам, часткаю якога ў цяперашні час паступова робяцца і дзеці.


На святочным адкрыцці фестывалю 6 верасня, а таксама 7-8 верасня а 21.00 у межах святкавання Дня гораду (на сценах мінскай ратушы) будуць паказаныя праекцыі французскага візуальнага мастака Клемана Брыена, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускай сталіцы і традыцыяў рэгіёну.



Адмысловымі гасцямі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2017, якія наведаюць імпрэзы асабіста і правядуць у межах фестывалю майстар-класы, лекцыі і прэзентацыі, стануць Міхал Лучак (калектыў «Sputnik Photos», Польшча), Гжэгаж Дамброўскі (праект «Albom.pl», Польшча), Клеман Брыен (пры падтрымцы амбасады Францыі) і Міхаэль Шэфэр (пры падтрымцы Інстытуту Гётэ).


Фотаздымкі Таня Капітонава для 34mag.net


 
БЮРО

Архіў Бюро МФМ быў створаны ў 2016 годзе ў прасторы XYZ. Стварэнне базы сучаснай беларускай фатаграфіі, якая дазваляе захоўваць, даследаваць і асэнсоўваць феномен беларускай фатаграфіі, з’яўляецца галоўнай мэтай праекта. Архіў Бюро МФМ з’яўляецца, перш за ўсё, асновай для далейшай даследчай і выставачнай дзейнасці. На сённяшні дзень у архіве налічваецца больш за 1000 прац. Сярод іх працы:

Валерыя Лабко,
Андрэя Лянкевіча,
Сяргея Кажамякіна,
Сяргея Лескеця,
Максіма Сарычава,
Юрыя Васільева,
Ігара Саўчанкі,
Артура Клінава,
Сяргея Бушко,
Валерыя Кацубы,
Вадзіма Качана.

Падчас фарміравання архіва беларускай фатаграфіі Бюро МФМ ставіць сабе першапачатковую мэту сабраць калекцыю, якую складуць значныя серыі і асобныя фатаграфіі беларускіх аўтараў, якія працуюць з пачатку 1960-ых па нашыя дні. Асаблівая ўвага надзяляецца эксперыментальным і інавацыйным працам фатографаў другой паловы 20-га і пачатку 21-га стагоддзяў. Такім чынам у калекцыю ўвойдуць аўтары, якія спрыялі развіццю фатаграфіі як асобнага віда мастацтва, а таксама значна паўплывалі на інстытуалізацыю беларускай фатаграфіі.

Фотаздымкі БАЖ


                

Mark